ФОНДАЎЗБРО́ЕНАСЦЬ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

паказчык аснашчанасці вытворчасці асноўнымі вытворчымі фондамі. Вызначаецца памерам асн. вытв. фондаў у разліку на аднаго работніка прадпрыемства. Залежыць ад асаблівасцей канкрэтнай галіны вытв-сці, ад узроўню механізацыі і аўтаматызацыі працы, выкарыстання найноўшых тэхналогій. Узровень Ф.в. ўплывае на прадукцыйнасць працы, аб’ём выпускаемай прадукцыі, яе якасць і канкурэнтаздольнасць, на змест і ўмовы працы. Рост Ф.в. садзейнічае памяншэнню колькасці работнікаў, вядзе да вызвалення занятых у вытв. сферы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы і развіцця сервізацыі (росту сферы паслуг). Якасныя змены Ф.в. садзейнічаюць сафтызацыі — развіццю вытв. інфраструктуры, здольнай пераўтварыць нематэрыяльныя рэсурсы (паслугі, інтэлектуальны патэнцыял, узровень падрыхтоўкі рабочай сілы) у фактар эканам. развіцця. Высокая Ф.в. ўзаемазвязана з развіццём навукі, вызначае стан аховы здароўя, адукацыі і інш. сфер дзейнасці ў грамадстве.

Л.​М.​Нехарошава.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)